Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Для працоўных з Пакістана, паводле дадзеных Бюро, даступная 261 вакансія ў Беларусі.
Прапановы аб працаўладкаваньні пачалі публікавацца на сайце нядаўна — з 25 жніўня, а будаўнічыя — 3 верасьня.
У прыватнасьці, кампанія B.M.R. International з 3 верасьня прапануе працу на будоўлі пяці зваршчыкам, дзесяці мулярам і бэтоншчыкам, а таксама 15 арматуршчыкам і цеслярам. На ўсіх пазыцыях аднолькавы заробак — 1800 беларускіх рублёў.
Кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пэнджабе, абяцае заробак у памеры 500 долараў 200 работнікам, якія будуць займацца перапрацоўкай рыбы і морапрадуктаў у Берасьце.
Акрамя таго, кампанія з Лахора Group Abu Abdullah шукае яшчэ 6 працаўнікоў на заробак 500-600 даляраў. Мяркуючы па дадзеных на сайце, 19 адпаведных працаўнікоў ужо ўдалося знайсьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакістан гатовы накіраваць у Беларусь некалькі тысяч работнікаў «пасьля дбайнай праверкі»27 жніўня міністар унутраных справаў Пакістана Махсін Накві на сустрэчы ў Іслямабадзе з кіраўніком беларускага МУС Іванам Кубраковым заявіў аб намеры «прыкласьці ўсе намаганьні для накіраваньня ў Беларусь найлепшай рабочай сілы пасьля ўважлівай праверкі».
11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску зь кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатова прыняць 100-150 тысячаў спэцыялістаў.
Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ў беларускіх уладаў.
Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла аб выяўленьні «актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі напружваць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадзкай думкай, распаўсюджваючы інфармацыю аб уездзе ў Беларусь 150 тысячаў грамадзян Пакістану».
14 жніўня Лукашэнка ў віншаваньні прэм’ер-міністру Пакістану Шарыфу з Днём незалежнасьці нагадаў яму аб «накіраваньні пакістанскіх кваліфікаваных спэцыялістаў для працы ў Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пасьля сустрэчы з прэм’ерам Пакістану заявіў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў