«Мы вярталі адчуваньне падмурку». У Вільні прэзэнтавалі перавыданьне «Майстроўні», якая вяртала беларусам іх мову і культуру. ФОТА

Аўтар кнігі Сяргей Дубавец падчас прэзэнтацыі

Прэзэнтацыя новага выданьня кнігі Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» адбылася 5 верасьня ў Вільні. Таксама сябры былой «Майстроўні» Сяргей Дубавец, Вінцук Вячорка і Сяргей Харэўскі абмеркавалі, чаму цяпер не ўдаецца тое, што атрымлівалася ў 80-х гадах і ці будзе іх вяртаньне.

Кніга «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» ўпершыню выйшла 10 гадоў таму ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» невялікім накладам. Цяпер яе выпусьціла выдавецтва Kamunikat.org, якое не ўпершыню друкуе кнігі, якія рыхтаваліся на Радыё Свабода.

Як падкрэсьліў на прэзэнтацыі ў віленскай краме «Кропка» выдавец Яраслаў Іванюк, новая кніга пра «Майстроўню» і яе актывістаў перавыдадзеная таму, што застаюцца актуальнымі мэты і досьвед моладзевай суполкі, якая ў 1980-х дала новы штуршок беларусізацыі.

«Шмат тады што атрымалася зрабіць, і пра гэта трэба пісаць. Таму вартая перавыданьня і такая кніга», — перакананы выдавец Яраслаў Іванюк.

Сяргей Дубавец

Аўтар кнігі Сяргей Дубавец апавёў пра тое, як утварылася «Майстроўня».

«Кніга ўключае гісторыі больш як 50 чалавек, некаторыя ўжо не жывыя, як Міхал Анемпадыстаў, Віктар Івашкевіч. Галоўнае — героі кнігі расказваюць пра тое, як яны сталі сьвядомымі беларусамі. А хто такі „сьвядомы беларус“? Гэта той, хто для Беларусі нешта робіць, а ня толькі гаворыць па-беларуску», — пачаў успаміны пра «Майстроўню» Сяргей Дубавец.

Паводле аўтара кнігі, у пачатку 80-х гадоў зьявілася пакаленьне нефармалаў, якое ён назваў «нябітым пакаленьнем».

«Хоць КДБ нікуды ня зьнік, але час быў усё ж іншы. Кожны з нас па-рознаму ішоў да сваёй „Майстроўні“, але большасьць былі тыя, каго несла ў гэтую тэму лёсам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б выдаць нешта аптымістычнае, з хэпі-эндам. Але як знайсьці такі твор?». Яраслаў Іванюк пра выданьне беларускіх кніг за мяжой

Паводле Сяргея Дубаўца, справа пачалася са сьпеваў беларускіх песень. І празь вяртаньне да народных традыцый сябры «Майстроўні» самі прыйшлі да беларушчыны і вярнулі да Беларусі тысячы беларусаў.

«Гэта быў вынас беларускай ідэі ў публічную прастору, — кажа Сяргей Дубавец. — І гэта ня толькі сьпевы. Харэўскі чытаў лекцыі пра краіны сапраўднай дэмакратыі, былі лекцыі па гісторыі, культуры. Да нас увесь час прыляпала больш народу. Мы ўдзельнічалі ў археалягічных працах на Мірскім замку, у Менску. І патроху аказалася, што такія самыя супольнасьці ўзьнікаюць у Горадні, Полацку, у іншых месцах краіны. У выніку ўжо ў другой палове 80-х гадоў у Беларусі змаглі сабрацца вальныя соймы беларускіх суполак, падобных „Майстроўні“».

Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі

Паводле Сяргея Дубаўца, «Майстроўня» стала адной з прыступак і да стварэньня Беларускага народнага фронту.

Пасьля прэзэнтацыі адбылася шчырая размова пра тое, чаму не ўдалося давесьці да перамогі справу беларусізацыі і ці ёсьць на гэта шанец у будучыні.

Вінцук Вячорка

Былы майстровец, экс-палітык, вядомы папулярызатар беларускай мовы Вінцук Вячорка падзяліўся прынцыпамі, якія былі ўласьцівыя ў маладзёвай суполцы і могуць прыдацца актывістам новай хвалі беларусізацыі.

  • «Мы нікога не душылі за дрэнную беларускую мову.
  • Не крыўдавалі за моўныя праўкі.
  • Займаліся моватворчасьцю. Гэтак, слова «маладзёвы» праз «Майстроўню» выцесьніла ранейшае «маладзёжны».
  • У нас была стыхійная традыцыя не выбіраць начальства, што дапамагала павышаць актыўнасьць».

Вячорка згадаў, як на ініцыятыву Віктара Івашкевіча сябры «Майстроўні» пачалі зьбіраць подпісы за беларускую мову ў школах, бо тады ў Менску не было ніводнай беларускай клясы. Аказалася што ідэя мае падтрымку.

«За пару тыдняў мы сабралі 900 подпісаў і зразумелі, што „усё можна“. Тады ў 108-й школе ў Сьляпянцы ўлады адкрылі першы беларускі кляс», — прывёў Вінцук Вячорка прыклад выніковасьці «Майстроўні».

Да размовы падключылася вучаніца беларускай гімназіі Ўршуля, якая ў Вільню прыехала зь Віцебску. Паводле Ўршулі, нават у іх гімназіі некаторыя вучні гавораць па-расейску. Ці не дарэмныя былі намаганьні актывістаў «Майстроўні»?

Сяргей Дубавец ня лічыць, што справа не атрымалася, і мяркуе, што досьвед «Майстроўні» будзе паўтораны.

«У нас атрымаўся цуд. Цуд у тым, што мы думалі пра адно, пра палітыку, але аказалася, што гэта можна запусьціць празь песьні, праз фальклёр. Бо фальклёр жа насычаны тым самым — беларускасьцю».

Аўтара кнігі падтрымаў і Вінцук Вячорка: «Мы вярталі адчуваньне падмурку».

«Ідэі і ідэалы засталіся, іх ніхто ня зьнішчыў» — пагадзіўся зь сябрамі Сяргей Харэўскі.

Новае выданьне кнігі Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» можна набыць у віленскай краме «Кропка» альбо замовіць праз інтэрнэт на Кamunikat.org.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыёкнігі Свабоды