Заходнія выданьні задаюцца пытаньнем, наколькі сучасная навука прасунулся, каб перамагчы старэньне і наблізіцца да неўміручасьці.
Падчас вайсковага параду ў Пэкіне 3 верасьня ў жывы эфір трапіла размова, калі кіраўнік Кітаю Сі Дзіньпін разам з кіраўнікамі Расеі і Паўночнай Карэі Ўладзімірам Пуціным і Кім Чэн Ынам падымаліся да брамы Т’яньаньмэнь.
Перакладнік, відавочна, перадаючы словы Сі, сказаў па-расейску: «Раней людзі рэдка дажывалі да 70 гадоў, але цяпер у 70 гадоў ты ўсё яшчэ дзіця».
Затым перакладнік, выглядае, перадаў словы расейскага лідэра, сказаўшы па-кітайску: «З разьвіцьцём біятэхналёгій чалавечыя органы можна бесьперапынна перасаджваць, і людзі могуць рабіцца ўсё маладзейшымі і маладзейшымі, і нават дасягнуць неўміручасьці».
Затым Сі зноў сказаў па-кітайску перад тым, як запіс спыніўся: «Прагнозы такія, што ў гэтым стагодзьдзі ёсьць шанец дажыць да 150 гадоў».
Дагэтуль найбольшы пацьверджаны ўзрост належыць Жаньне Кальман з Францыі, якая памерла ў 1997 годзе, калі мела 122 гады.
Гэта не абавязкова азначае, што мы дасягнулі мяжы даўгалецьця або што навукоўцы прыйшлі да кансэнсусу адносна таго, ці існуе біялягічная мяжа працягласьці жыцьця чалавека. «Дыскусія не завершана», —сказала агенцтву AFP Ілярыя Бэлянтуона, дасьледчыца біялёгіі старэньня з Шэфілдзкага ўнівэрсытэту ў Вялікай Брытаніі.
Мэдычныя прарывы, дасягненьні ў галіне аховы здароўя і паляпшэньне харчаваньня прывялі да рэзкага павелічэньня сярэдняй працягласьці жыцьця ў сьвеце ў 1800-х і 1900-х гадах. Але новыя дасьледаваньні паказваюць, што гэты рост запаволіўся.
«Біялягічна нам трэба было б ператварыць людзей сярэдняга ўзросту ў падлеткаў; доўгажыхары павінны былі б стаць цяперашнімі маладымі; а супэрдоўгажыхары меліся б стаць падобнымі да 50-70-гадовых людзей сёньня і заставацца такімі на працягу дзесяцігодзьдзяў, — кажа пра пэрспэктыву жыцьця да 150 гадоў Джэй Альшанскі, прафэсар эпідэміялёгіі і біястатыстыкі з Унівэрсытэту Ілінойса ў Чыкага, у інтэрвію The New York Post. — Сёньня няма нічога даступнага або бачнага на гарызонце навукі аб старэньні, што хоць бы аддалена набліжалася б да гэтага».
Ці дапамагае ад старэньня трансплянтацыя органаў?
Трансплянтацыя, безумоўна, ратуе жыцьці. Да прыкладу, у Вялікай Брытаніі за апошнія 30 гадоў было выратавана больш за 100 000 чалавек, адзначае BBC са спасылкай на брытанскую Нацыянальную службу аховы здароўя крыві і трансплянтацыі.
А пастаянны прагрэс у мэдыцыне і тэхналёгіях азначае, што перасаджаныя органы ў арганізме чалавека жывуць значна даўжэй. Некаторым пацыентам была зроблена трансплянтацыя ныркі, якая працавала больш за 50 гадоў.
Працягласьць жыцьця органа залежыць ад таго, наколькі здаровыя донар і рэцыпіент, а таксама ад таго, наколькі добра за гэтым органам даглядаюць. Напрыклад, калі б вам перасадзілі новую нырку ад жывога донара, вы маглі б разьлічваць, што яна праслужыць 20-25 гадоў. Калі вы атрымаеце яе ад памерлага донара, гэты тэрмін скарачаецца да 15-20 гадоў.
Тып органа таксама мае значэньне, адзначаецца ў матэрыяле BBC. Паводле цяперашніх дасьледаваньняў, печань можа праслужыць каля 20 гадоў, сэрца — 15 гадоў, а лёгкія — амаль 10 гадоў.
Пры гэтым трансплянтацыя заўсёды зьвязаная са значнымі рызыкамі. Людзі, якім перасаджваюць новы орган, павінны пажыцьцёва прымаць імунасупрэсанты — моцныя прэпараты супраць адрынаньня чужародных тканак вашай імуннай сыстэмай. Гэтыя прэпараты могуць мець пабочныя эфэкты, такія як высокі крывяны ціск, і павялічваць рызыку інфэкцый.
Яшчэ большая праблема — старэньне мозгу. Мы можам замяніць нырку або печань безь вялікай пагрозы для нашай асобы. Але мы ня можам замяніць свой мозг — тое цела, якое жыве пасьля трансплянтацыі мозгу, было б ужо іншым чалавекам.
Акрамя таго, старэньне — гэта сыстэмны працэс, і сама па сабе замена органаў наўрад ці падоўжыць вашае жыцьцё, патлумачыў выданьню Sydney Morning Herald прафэсар Пітэр Керы з унівэрсытэту імя Джона Монаша ў аўстралійскім Мэльбурне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імпэратар усіх хваробаў». Што варта ведаць пра рак і перамогу над імСыстэмнае змаганьне са старэньнем
«Каб дасягнуць 150 гадоў, нам спатрэбіцца пэрыядычнае, бясьпечнае амаладжэньне тканак, — кажа выданьню The New York Post Рафаэль Куома, прафэсар мэдычнай школы Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега.
Ён тлумачыць, што гэта азначае прафіляктыку або лячэньне раку, сардэчна-сасудзістых захворваньняў, нэўрадэгенэрацыі, інфэкцый, ныркавай недастатковасьці, выпраўленьне генэтычных пашкоджаньняў і замену пашкоджаных органаў без пажыцьцёвай імунасупрэсіі.
Пакуль што тэхналёгіі, патрэбныя для ўсяго гэтага, знаходзяцца на раньніх стадыях распрацоўкі. Да прыкладу, у лябараторыях ужо выкарыстоўваюць нанаботаў — мініятурных робатаў, якія дастаўляюць лекі да пашкоджаных клетак, выяўляюць хваробы і аднаўляюць пашкоджаныя тканкі. Але істотных клінічных выпрабаваньняў на чалавеку пакуль што няма, кажа Куома.
Прафэсар Ніл Мабат, экспэрт у імунапаталёгіі з Эдынбурскага ўнівэрсытэту, мяркуе, што 125 гадоў можа быць верхняй мяжой для чалавека.
«Мы пачынаем менш эфэктыўна рэагаваць на інфэкцыі, і нашыя целы становяцца больш крохкімі, схільнымі да траўмаў і менш здольнымі да аднаўленьня, — цытуе яго BBC. — Стрэс, траўмы і ўплыў трансплянтацыйных апэрацый, а таксама працяглы прыём імунасупрэсіўных прэпаратаў, неабходных, каб перадухіліць адрынаньне перасаджаных органаў, былі б занадта сур’ёзнымі для пацыентаў такога сталага ўзросту».
Дадаць «здаровыя» гады
Мабат кажа, што замест таго, каб засяроджвацца на падаўжэньні працягласьці жыцьця агулам, нам варта імкнуцца падоўжыць здаровыя гады: «Жыць значна даўжэй, але пакутаваць ад шматлікіх захворваньняў, якія могуць суправаджаць старэньне, і пастаянна класьціся ў бальніцу для чарговай трансплянтацыі — гэта не зусім прывабны спосаб правесьці пэнсію!»
«Каб сапраўды дадаць дзесяцігодзьдзі жыцьця, вам трэба будзе запаволіць старэньне на клеткавым узроўні: аднавіць пашкоджаньні ДНК, захаваць функцыю мітахондрыяў (крыніца энэргіі клеткі), палепшыць мэтабалічнае здароўе і зьнізіць хранічнае запаленьне, якое паскарае разьвіцьцё хвароб», — сказала The New York Post доктарка Пуджа Гідвані з Лос-Анджэлесу, якая займаецца праблемамі старэньня.
«Вось чаму найбольш захапляльныя дасьледаваньні сёньня сканцэнтраваныя на эпігенэтычным перапраграмаваньні, якое па сутнасьці зьяўляецца „скідваньнем“ клетак да больш маладога стану, і на сэналітычных прэпаратах, якія ачышчаюць арганізм ад таксычных клетак-„зомбі“, — дадала яна. — Гэтыя стратэгіі скіраваныя на саму біялёгію старэньня».
Гідвані кажа, што для чалавека рэалістычна дадаць да свайго жыцьця 10-20 здаровых гадоў, калі правільна харчавацца, займацца фізычнымі практыкаваньнямі і выкарыстоўваць сучасныя прылады, якія знаходзяцца на чалавеку ўвесь час, скануюць арганізм і выяўляюць раньнія прыкметы хваробаў, дазваляючы адразу пачынаць лячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя «мутантаў» і «нармальных» — амэрыканскі навуковец пра гены