Сьцісла:
- Паразуменьне з прыхільнікамі Лукашэнкі для дэмакратычнай супольнасьці можа вырашыць дылему паміж капітуляцыяй і бескампрамісным змаганьнем.
- У красавіку 2020 году грамадзтва не пачула папярэджаньня Яўгена Прэйгермана аб палітычнай катастрофе, да якой набліжаецца Беларусь.
- Прапанова «перагарнуць старонку» — гэта прапанова адмовіцца ад крэда, паводле якога ўлада ня мае ніякай рацыі, зьмены могуць адбыцца толькі празь яе зрынаньне.
Паўтор беларускай дылемы праз 100 гадоў
Артыкул «Мікола Бугай: Трэба перагарнуць старонку 2020-га і пачаць жыць новымі рэаліямі» ў «Нашай ніве» спарадзіў гарачую дыскусію. Аўтар трапіў у нэрву грамадзтва, сфармуляваў тое, пра што думаюць многія, хоць і вельмі па-рознаму.
Рацыю апанэнтаў аўтара артыкулу ўзмацняе сугучча датаў — набліжэньне 100-й гадавіны Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, на якой адбыўся кардынальны раскол тагачаснай беларускай палітычнай эміграцыі. Ладная частка ўдзельнікаў канфэрэнцыі 1925 году ў Бэрліне прызнала савецкі Менск «цэнтрам беларускага адраджэньня», шэраг зь іх пазьней вярнуліся з эміграцыі ў БССР.
Крытыкі Міколы Бугая кажуць, што яго пазыцыя — гэта ў істоце капітуляцыя, паўтарэньне шляху папярэднікаў, якія ў 1925 годзе пайшлі на паклон савецкай уладзе, а потым, дарэчы, былі зьнішчаныя той уладай.
Ці ёсьць варыянт паміж капітуляцыяй і бескампрамісным змаганьнем? Магчыма і ёсьць — паразуменьне
Паўтараць іхны шлях, а тым больш іхны лёс, ня хочацца сёньня, напэўна, самым гарачым адэптам «перагортваньня старонкі».
А ці ёсьць нейкі варыянт паміж капітуляцыяй і бескампрамісным змаганьнем, спробамі «застацца на старонцы 2020 году»?
Магчыма, і ёсьць. І гэта — паразуменьне.
У гэтым рэчышчы — цікавы праект грамадзкай дзяячкі Насты Касьцюговай, пра які яна расказала на YouTube-канале «Мне тоже не нравится». Наста мэтанакіравана камунікуе ў сацыяльных сетках з прыхільнікамі Лукашэнкі. І, паводле яе, ад гэтай камунікацыі ёсьць плён. І разуменьне, што ў бакоў насамрэч ёсьць шмат агульнага.
Гэта не палітычныя перамовы на найвышэйшым узроўні паміж уладай і апазыцыяй, якія нядаўна прапанавалі дэмакратычныя сілы і якія ў рэзкай форме чарговы раз адкінуў Аляксандар Лукашэнка. Перадумовай палітычных перамоваў ёсьць прынамсі сувымернасьць рэсурсаў, патэнцыялаў і магчымасьцяў бакоў. Паколькі гэтага цяпер няма і блізка, то іншага адказу ўлады і не даводзілася чакаць.
Так што гутарка не пра палітычныя перамовы (прынамсі, пакуль), а пра зьмену палітычнай оптыкі, ракурсу погляду на сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Круглы стол паміж Лукашэнкам і апазыцыяй — прыгожая мара. Аналіз Валера КарбалевічаПапярэджаньне Прэйгермана, якога не пачулі
У красавіку 2020 году тая ж «Наша Ніва» апублікавала артыкул Яўгена Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем». У ім аўтар пісаў, што бяз пэўнага паразуменьня паміж уладай і апазыцыяй Беларусь могуць чакаць вельмі кепскія часы. Ён тады бачыў небясьпекі ў пандэміі, эканамічных праблемах і крызісе міжнароднага парадку. Насамрэч выклік у 2020 годзе прыйшоў з зусім нечаканага боку. Але наконт кепскіх часоў Прэйгерман, як паказала хада падзеяў, абсалютна меў рацыю.
Аднак вельмі паказальнай была грамадзкая рэакцыя на ягоны тэкст. Шматлікія лідэры думак амаль аднагалосна адкінулі прапанову Яўгена. Такая рэакцыя была сугучнай шырэйшааму погляду на працэсы, якія адбываліся ў краіне пасьля вызваленьня палітвязьняў і нармалізацыі адносінаў з Захадам у 2015–2016 гадах.
Тая «адліга» успрымалася як куртатая і недастатковая. Разам з тым пэўныя станоўчыя перамены (адсутнасьць палітвязьняў, дазвол сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР) успрымаліся як паказьнікі таго, што дамагчыся можна значна большага.
Адпаведна і адказам на прапанову Прэйгермана былі заўвагі, што саступаць, ісьці насустрач грамадзтву павінна ўлада. Нейкая свая рацыя за ўладай, акрамя прагі самазахаваньня, пры гэтым не прызнавалася.
Рэжым і тады ня быў, як той казаў, «белым і пухнатым». Але ў параўнаньні зь цяперашнімі рэаліямі тагачасныя выглядаюць фантастыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Яўген Прэйгерман: «Беларусь выйшла ў адчыненае вакно на 20-м паверсе»Вера як гарантыя посьпеху
Цяпер на прапанову «перагарнуць старонку» адказваюць: як можна паразумецца з катамі, з забойцамі Тарайкоўскага, Пушкіна, Ашурка і многіх іншых?
Тады такіх аргумэнтаў не было. Аднак пазыцыя была падобнай — з гэтай уладай няма пра што размаўляць, яна ня мае ніякай рацыі, яна няздольная да пазытыўнай эвалюцыі, зьмены могуць адбыцца толькі празь яе зрынаньне.
Прапанова Міколы Бугая «перагарнуць старонку» — гэта прапанова адмовіцца ад такога крэда. Хто павінен адмовіцца? Адказ, напэўна, — усе і ніхто пэрсанальна. Рашэньні пра дзеяньні ў 2020 годзе прымаліся менавіта гэтак.
Гарантыяў посьпеху прапановы «перагарнуць старонку» няма, зразумела, ніякіх. Крок насустрач, спроба паразумецца, прызнаць пэўную рацыю другога боку можа выклікаць сустрэчныя крокі. І ня столькі з боку рэжыму, колькі з боку яго звычайных прыхільнікаў. Але можа і ня выклікаць. Тое, што выкліча, — гэта пытаньне веры.
Але якія гарантыі посьпеху «неперагортваньня старонкі» — захаваньня чысьціні прынцыпаў, вернасьці бескампраміснаму апазыцыйнаму крэда? Таксама ў сутнасьці ніякіх. І перадумоваў для гэтага посьпеху як унутры краіны, гэтак на міжнароднай арэне ніякіх не назіраецца. І тут спадзеў на посьпех — вера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Рэпрэсіі, перамовы ЗША з Лукашэнкам, нацыянальнае прымірэньне — размова з Аляксандрам КласкоўскімЦі магчыма зьмяніць наканаваньне?
Мікола Бугай піша ў сваім артыкуле: « І ў наступным акне магчымасьцяў краіна ня вернецца ні ў 1994 год, ні ў 2019-ы. Ня будзе паўтору выбараў 2020-га і сытуацыі 20-га. Перамены могуць быць не такімі, пра якія мы марым, і магчыма, будуць нашмат больш абмежаванымі і неідэальнымі».
Прынамсі спроба дасягнуць паразуменьня пашкодзіць ці паспрыяе таму, каб перамены, пра якія піша Бугай, былі б бліжэйшыя да тых, «пра якія мы марым»?
Можа, калі б грамадзтва пачула заклік Прэйгермана ў красавіку 2020 году, беларуская гісторыя пайшла б менш трагічным шляхам. Але пайшла шляхам старажытнагрэцкай трагедыі, дзе хадой падзеяў кіруе кон. Уладарам думак было наканавана не прымаць кампрамісы, народу было наканавана паўстаць, уладзе — наканавана па-зьверску душыць паўстаньне.
Аднак размова нават не пра тое, ці можна было зьмяніць няўмольны кон тады, а пра тое, ці магчыма будзе ў будучыні. І калі магчыма, то як.