У сюжэце супрацоўнікі КДБ затрымліваюць мужчыну, які назваўся грамадзянінам Польшчы Гжэгажам Гавэлам і сказаў, што хоча размаўляць па-польску.
Празь перакладніка меркаваны супрацоўнік КДБ пытаецца, ці ня хоча затрыманы «сам нешта выдаць». Той адказвае, што так, і паказвае дакумэнт на блянку з словамі «Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Упраўленьне паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня». Супрацоўнік чытае назву: «Распоряжение об организации подготовки и участия в ССУ «Запад-2025».
Далей у сюжэце кажуць, што затрыманы 1998 году нараджэньня і жыве ў Кракаве. Сам затрыманы адказвае на пытаньне, што канкрэтна ён мусіў зрабіць: «Здабыць інфармацыю на тэму „Западу“».
Далей сьцьвярджаецца, што Гавэл праз сацыяльныя сеткі зьвязаўся з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацу ў інтарэсах польскіх спэцслужбаў. Ён нібыта зьбіраў сакрэтную інфармацыю пра камандавы склад, супрацоўнікаў вайсковай контравыведкі і вайсковыя аб’екты Беларусі.
У сюжэце таксама паказалі нібыта ранейшыя кадры з машыны, дзе невядомы перадае Гжэгажу Гавэлу дакумэнты. Паведамляецца, што распачалі крымінальную справу паводле арт. 358 (шпіянаж) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Запад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялі, што падчас вучэньняў будуць трэнавацца ў прымяненьні ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама ў супрацьпаветранай абароне, абарончых баявых дзеяньнях, падтрымцы тактычнай авіяцыі ды інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу Нямеччыны ня бачыць прыкметаў для патэнцыйнага нападу Расеі на Эўропу ў час вучэньняў «Захад-2025» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не тлумачылі, проста: „Валіце адсюль“». Гісторыя ўкраінцаў, якіх на два месяцы затрымалі ў Беларусі па дарозе дадому