Чаму зьменшылі маштаб вучэньняў «Захад-2025»? Адказвае палітоляг Казакевіч

Вучэньні «Захад-2021» у Калінінградзе. Ілюстрацыйнае фота

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч адказвае на пытаньне, чаму вучэньні Захад пройдуць у зьменшаным маштабе, і тлумачыць, чаму афіцыйны Менск усё больш гаворыць пра сваё міралюбства.

Сьцісла:

  • З канца 2024 году ўсё радзей можна пагрозы ад афіцыйнага Менску ў заходні бок, на першае месца выходзіць «мірны» наратыў.
  • Назіраецца істотны рост асымэтрыі вайсковых патэнцыялаў Беларусі і суседніх краінаў.
  • Да афіцыйнага Менску прыходзіць разуменьне, што гонку ўзбраеньняў Беларусі ня выйграць.
  • Расея ж усе свае рэсурсы аддае на вайну з Украінай.
  • Цяпер «мірны» наратыў выходзіць на першае месца.


— Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Вясной беларускі бок пачаў актыўна пераконваць, што вучэньні «не нясуць пагрозаў для суседніх краінаў, што манэўры будуць адсунутыя ад заходніх межаў углыбіню Беларусі й што парамэтры вучэньняў будуць зьменшаныя. Цяпер, напрыклад, літоўская выведка чакае ўдзелу ў вучэньнях да 30 тысячаў вайскоўцаў, зь якіх толькі 8 тысячаў будуць на тэрыторыі Беларусі, а з гэтых толькі 2 тысячы будуць расейскімі вайскоўцамі. Чаму адбылося зьніжэньне маштабаў вучэньняў, пра што гэта сьведчыць?

Андрэй Казакевіч

— Я бы адзначыў два асноўныя фактары. На самой справе, ужо даўно, прыблізна з канца 2024 году (калі глядзець па выступах беларускіх афіцыйных асобаў), усё менш можна пачуць нейкія пагрозы афіцыйнага Менску ў заходні бок. І ўсё больш — занепакоенасьць, асабліва зьвязаную зь мілітарызацыяй Польшчы і Літвы, павелічэньнем прысутнасьці на межы Беларусі вайскоўцаў краінаў NATO.

Назіраецца вельмі істотны рост асымэтрыі вайсковых патэнцыялаў Беларусі і суседніх краінаў. Адпаведна, гэта тэарэтычна патрабавала б сымэтрычны адказ, то бок мілітарызацыі Беларусі — закупку новага ўзбраеньня і гэтак далей. Пераўзбраеньне часткова адбываецца, але, канешне, не ў параўнальных маштабах.

Беларусь ня можа дазволіць сабе тое, што можа дазволіць Польшча ці іншыя краіны NATO. Ёсьць адчуваньне, што да афіцыйнага Менску прыходзіць разуменьне, што гонку ўзбраеньняў Беларусі ня выйграць. Таму так ці інакш стратэгічна трэба пераходзіць да нейкай палітыкі зьніжэньня эскаляцыі, прынамсі неправакаваньня. Бо гэта ўсё-такі можа мець сур’ёзныя наступствы альбо для бясьпекі, альбо для эканомікі.

Ну, а па-другое, у Расеі таксама зараз няма дастаткова і людзей, і тэхнікі, ды і практычнага сэнсу ў тым, каб займацца такімі вучэньнямі. Асабліва, улічваючы тое, што ваенная кампанія ва Ўкраіне патрабуе ўсё больш.

Натуральна, было шмат усякіх размоваў пра магчымыя пагрозы, гібрыдныя атакі, у выніку гэтых вучэньняў. Але відавочна, што сілаў для гэтага няма. Сукупнасьць гэтых чыньнікаў плюс спроба нейкай дээскаляцыі ў беларуска-амэрыканскіх і расейска-амэрыканскіх стасункаў прывялі да таго, што сёлета вучэньні ня будуць выкарыстоўвацца як нейкая пужалка для суседніх краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вучэньні «Захад-2025» так непакояць суседзяў Беларусі?

— Тым ня менш было заяўлена, што будуць адпрацоўваць плянаваньне ўжываньня ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Орешник», а таксама барацьбу зь бесьпілётнікамі і баявыя дзеяньні ва ўмовах радыёэлектроннай барацьбы. Як лічыце, ці гэта адбудзецца?

— Мне падаецца, што калі і будзе штосьці такое плянавацца, то ў вельмі абмежаваным фармаце. Таму што самі гэтыя заявы пра ядзерную зброю і «Орешник» — гэта працяг такой моўнай інтэрвэнцыі, псыхалягічнай кампаніі. Вялікага сэнсу ваеннага, уцягваньня Беларусі, тут няма.

Калі нешта тут і будзе, то ў вельмі абмежаваным фармаце. Напрыклад, самалёты будуць лятаць, але безь ядзернай зброі. Ці, скажам, могуць быць нейкія манэўры зь цягачамі для «Орешника», але без саміх ракет. Гэта, канешне, спэкуляцыя, але мне падаецца, ня варта чакаць зараз нейкіх дэманстратыўных хадоў у гэтай сфэры.

— Гэтая дээскаляцыя вучэньняў зьявілася ў выніку таго, што і Масква, і Менск цяпер спрабуюць пра штосьці дамовіцца з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам? Ці сытуацыя памянялася пасьля званка Трампа Лукашэнку? Ці гэта частка больш шырокай стратэгіі дээскаляцыі, якую спрабуе праводзіць афіцыйны Менск?

— Калі «чыньнік Трампа» і ёсьць, то я бы даў яму толькі трэцяе месца. Бо пакуль мы ня бачым захадаў што да дээскаляцыі вайны ва Ўкраіне. Калі казаць пра «чыньнік Трампа», тады пытаньне, чаму Расея толькі ўзмацніла свае атакі на ўкраінскія грамадзкія аб’екты. Напэўна, лягічна было б якраз вельмі асьцярожна сябе паводзіць, але гэта не адбываецца.

І скажам, на фоне згаданай эскаляцыі ва Ўкраіне такая невялікая дээскаляцыя з вучэньнямі — проста адзін з эпізодаў, які істотна не мяняе сытуацыі.

Думаю, што галоўнае — гэта рост асымэтрыі ў вайсковых выдатках, вельмі істотны для Беларусі. Адсутнасьць таго, чым можна рэальна адказаць, — на фоне ўцягнутасьці асноўных рэсурсаў Расеі ў вайну супраць Украіны — гэта галоўныя прычыны таго, што прынамсі пакуль што новую эскаляцыю не праводзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу Нямеччыны ня бачыць прыкметаў для патэнцыйнага нападу Расеі на Эўропу ў час вучэньняў «Захад-2025»

— Зьмяншэньне маштабу вучэньняў, па-вашаму, было больш патрэбна Менску ці Маскве? Ці мог тут Лукашэнка праявіць самастойнасьць?

— Калі вярнуцца да маёй схемы, то выглядае, што гэта было прымальна для абодвух бакоў. Беларускім уладам ня хочацца правакаваць, бо гэта азначае дадатковыя выдаткі, палітычныя і патэнцыйна эканамічныя.

Для Расеі зараз гэты накірунак ня вельмі актуальны ў сувязі з тым, што асноўныя сілы адцягнутыя на такія маштабныя вучэньні, могуць толькі аслабіць увагу да асноўных накірункаў. Думаю, гэтыя чыньнікі прывялі да таго, што маштабы гэтых вучэньняў былі згорнутыя.

— Вы казалі пра асымэтрыю вайсковых выдаткаў. Польшча павялічвае свае выдаткі намнога больш, чым Беларусь, ажно да 4,8 працэнтаў ВУП. Выглядае, што афіцыйны Менск пачынае казаць палякам, што «мы ж такія мірныя, навошта вы павялічваеце выдаткі».

— Насамрэч, гэта прамаўляецца і стала даміноўным наратывам недзе з восені мінулага году.

Раней быў балянс, мікс паміж пагрозамі і мірнымі заявамі. Але цяпер «мірны» наратыў — «мы стабільныя, навошта ўзбройвацца» — выходзіць на першае месца. І відавочна, што гэта сур’ёзна турбуе беларускія ўлады.

Ваенныя бюджэты суседзяў Беларусі павялічваюцца. Увязвацца ў гонку ўзбраеньняў Беларусь дакладна ня можа. У Менску ёсьць адчуваньне, што цалкам прыкрыць Расею тут будзе даволі складана, пры тым што сама Расея ўсе свае рэсурсы аддае на вайну з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская выведка апублікавала дадзеныя пра вучэньні «Захад-2025»