Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, ён, меркавана, загінуў у выніку няштатнай сытуацыі ў паветры падчас дэсантаваньня з самалёту Ан-2 на адным з палігонаў — вайсковец атрымаў траўму, несумяшчальную з жыцьцём.
«Абставіны цяпер высьвятляе камісія Міністэрства абароны супольна з Сьледчым камітэтам. На месца здарэньня асабіста выехаў намесьнік міністра абароны», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле міністэрства, загінулы вучыўся на 3-м курсе аднаго з факультэтаў Вайсковай акадэміі. На службе і ў навучаньні характарызаваўся станоўча, меў досьвед неаднаразовага дэсантаваньня.
У ведамстве выказалі спачуваньні родным і паабяцалі надаць усебаковую дапамогу ягонай сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 фактаў гвалту і загадкавых сьмерцяў у беларускім войскуГэта ня першы выпадак гібелі вайскоўца ў беларускім войску.
У лютым 2022 году ў адной з вайсковых частак Горадзенскага гарнізону загінуў 19-гадовы салдат тэрміновай службы, які атрымаў раненьне праз неасьцярожнае абыходжаньне са зброяй.
У 2021 годзе ў 72-м Аб’яднаным вучэбным цэнтры, што каля Барысава, падчас заняткаў па агнявой падрыхтоўцы ў выніку неасьцярожнага абыходжаньня са зброяй вайсковец нанёс сабе агнястрэльнае раненьне. У пачатку лістапада 2020-га, там жа на палігоне загінуў курсант школы падрыхтоўкі мотастралковых і дэсантных падразьдзяленьняў.
У студзені 2021 году на тэрыторыі Беларускай АЭС пакончыў з сабой 18-гадовы салдат тэрміновай службы вайсковай часткі 7434 Унутраных войскаў МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаў, што частка новая, затое кіраўніцтва старое». Што вядома пра загінулага вайскоўца, які ахоўваў БелАЭС