Павышаная плата за жыльлёва-камунальныя паслугі будзе прымяняцца да ўсёй плошчы кватэры, якая належыць не занятаму ў эканоміцы, а не прапарцыйна да колькасьці жыхароў.
Такія зьмены ўнесьлі ў інструкцыю аб разьліках у сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, расказала намесьніца начальніка кіраўніцтва «Менжылкамгасу» Анастасія Маліноўская на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, паведамляе Reform.news.
Адпаведная пастанова Савету міністраў уступае ў сілу з 1 кастрычніка. Чыноўніца патлумачыла сутнасьць зьмяненьняў.
«Напрыклад, кватэра 60 квадратных мэтраў належыць грамадзяніну, не занятаму ў эканоміцы, і ён у гэтай кватэры зарэгістраваны па месцы жыхарства, і разам зь ім жывуць яшчэ двое грамадзянаў, адпаведна, напрыклад, паслуга цеплазабесьпячэньня налічвалася бы прапарцыйна колькасьці жыхароў. То бок, 60 квадратаў дзелім на траіх. Атрымаецца, у дачыненьні да адной траціны, або 20 квадратаў, прымяняліся бы павышаныя тарыфы, адпаведна, астатнія 40 квадратаў — па субсідуемых тарыфах.
З 1 кастрычніка 2025 году, у выпадку, калі грамадзянін трапіў у сьпіс грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, і ён зьяўляецца ўласьнікам кватэры, прычым незалежна ад іх колькасьці (адна, дзьве ці больш), у дачыненьні ўсіх кватэр, у дачыненьні ўсяго аб’ёму спажываных паслугаў цяпла, гарачае вады, падагрэву вады і газу будуць прымяняцца эканамічна абгрунтаваныя тарыфы», — пракамэнтавала Маліноўская.
Улады ўжо 10 гадоў вядуць барацьбу з «сацыяльным утрыманствам». Спачатку гэта быў так званы «дармаедзкі падатак», цяпер — падвышаная плата за камунальныя паслугі і пагрозы ад міліцыі. Сам дэкрэт пра «сацыяльнае ўтрыманства» Лукашэнка неаднаразова карэктаваў, робячы яго яшчэ больш строгім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ходзіць міліцыя, шлюць позвы, пагражаюць падатковай. Як улады працягваюць змагацца з «дармаедамі»