Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 9 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Падазраваны адмаўляе віну.
Як стала вядома Свабодзе, ідзецца пра беларуса, які ўдзельнічаў у дывэрсійнай апэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам, у выніку якой быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50.
Свабодзе вядомыя яго імя і прозьвішча, але згодна з Цывільным кодэксам Украіны «імя фізычнай асобы, якая затрымана, падазраецца ці абвінавачваецца ва ўчыненьні злачынства, ці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, можа быць выкарыстана (абнародавана) толькі ў выпадку набыцьця законнай сілы абвінаваўчага выраку». Сьледзтва ў яго справе яшчэ працягваецца.
У Беларусі яго завочна асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня ў справе аб дывэрсіі ў Мачулішчах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уступіў у сілу прысуд у справе аб пашкоджаньні расейскага самалёта ў Мачулішчах у 2023 годзеЗатрыманьне на шашы ў Кіеве
Як паведамілі Свабодзе ў Галоўным упраўленьні Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве, расьсьледаваньне пачалі 7 траўня 2025 году.
Беларуса спынілі на Гастомельскай шашы ў Кіеве. Да таго зь ім пэўны час праводзілі таемныя апэратыўныя дзеяньні. У кіеўскай паліцыі Свабодзе не адказалі, што стала падставай для такіх дзеяньняў і як доўга яны працягваліся.
Пасьля спыненьня аўтамабіля падазраваны, паводле вэрсіі сьледзтва, нібыта выкінуў на зямлю тры поліэтыленавыя пакункі. Гэта адбылося 7 траўня прыблізна а 12:30. Месца падзеі аглядалі амаль чатыры гадзіны, і толькі пасьля 16:06 каля правага кола аўтамабіля Toyota Land Cruiser знайшлі тры пакункі «зь белым крышталічным рэчывам, якое зьмяшчала асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва вагой 2044,00 грамаў».
Першыя 24 гадзіны грамадзянін Беларусі знаходзіўся ў ізалятары. Сьледчыя зьвярнуліся ў суд з хадайніцтвам аб ягоным арышце, але судзьдзя ўзяў да ўвагі «ўдзел у апэрацыі ў Мачулішчах» і прыняў пастанову аб цэладзённым хатнім арышце з абавязковым нашэньнем электроннага бранзалета. Суд дазволіў яму выходзіць з дому толькі на час паветранай трывогі, але цягам 15 хвілін пасьля яе скасаваньня ён абавязаны вярнуцца дадому.
Адметна, што ў пастанове суду аб хатнім арышце фігуравала яшчэ адна лічба — пра знойдзеныя нібыта пры вобшуку 6 пакункаў з наркотыкамі. Але далей у матэрыялах згадваюцца толькі тыя тры, што знайшлі каля машыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: у Беларусі паводле «тэрарыстычных артыкулаў» КК асудзілі 133 чалавекРасьсьледаваньне працягнулі
Паводле ўкраінскага заканадаўства, расьсьледаваньне мусіла завяршыцца 8 жніўня, але сьледчыя не пасьпелі за 2 месяцы правесьці ўсе неабходныя дзеяньні.
«Цяпер дасудовае расьсьледаваньне працягваецца, праводзяцца ўсе неабходныя сьледчыя (пошукавыя) дзеяньні», — паведаміла кіеўская паліцыя ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
Як стала вядома Свабодзе зь іншых інфармаваных крыніц, тэрміны расьсьледаваньня падоўжылі да 8 кастрычніка. За дадатковы час сьледчыя хочуць вывучыць усе тэлефонныя размовы падазраванага і маршруты ягонага перамяшчэньня, правесьці сьледчы экспэрымэнт з удзелам падазраванага, прааналізаваць рух грошай на ягоных банкаўскіх рахунках, каб пацьвердзіць або выключыць атрыманьне сродкаў за незаконны збыт наркотыкаў, атрымаць рассакрэчаныя матэрыялы таемных сьледчых дзеяньняў. На падставе гэтага аналізу канчаткова вызначаць і кваліфікацыю злачынства.
Цяпер беларусу інкрымінуюць «дзеяньні, учыненыя ў складзе арганізаванай групы, прадметам якіх былі наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы ці іх аналягі ў асабліва вялікіх памерах». У той жа час у дакумэнтах нічога не паведамляецца пра іншых удзельнікаў гэтай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Батумі затрымалі двух беларусаў зь вялікай партыяй наркотыкаўБеларус адмаўляе віну
Як вынікае з дакумэнтаў, якія ў сваім распараджэньні мае Свабода, сам беларус катэгарычна аспрэчвае датычнасьць да інкрымінаванага яму злачынства.
Ягоны адвакат мяркуе, што абвінавачаньне не падало ніводнага аб’ектыўнага доказу, а кваліфікацыя дзеяньняў базуецца выключна на здагадках і неправераных сьцьвярджэньнях.
Што вядома пра асобу падазраванага
Падазраваны нарадзіўся ў Менску, мае вышэйшую адукацыю. Да пераезду ва Ўкраіну (не пазьней за 2016 год. — РС) жыў у Бараўлянах.
У Кіеве ён стварыў прадпрыемства, асноўны від дзейнасьці якога — раздробны гандаль у неспэцыялізаваных крамах. Як вынікае з дакумэнтаў фінансавай справаздачнасьці, прадпрыемства не працуе з 2022 году, адзіным працаўніком у ім быў сам беларус, уласьнік кампаніі. Свабода спрабавала зьвязацца зь ім праз зарэгістраваны на прадпрыемства нумар тэлефону, але нумар цяпер не абслугоўваецца.
У судовых дакумэнтах шмат супярэчлівай інфармацыі. У адных матэрыялах пісалі, што ён «беспрацоўны, нежанаты і раней ня суджаны», а ў іншых — што ён прадпрымальнік, жанаты і выхоўвае малую дачку, якая знаходзіцца на лячэньні і патрабуе сталага дагляду.
На час расьсьледаваньня суд арыштаваў усю ягоную маёмасьць — кватэру агульнай плошчай 94,24 кв.м., нежылую нерухомасьць 7,4 кв.м. і 15 сотак зямлі пад будаўніцтва лецішча ў так званым «залатым поясе» Кіева — у Браварскім раёне Кіеўскай вобласьці. Аўтамабіль Toyota Land Cruiser арыштавалі адразу пасля затрыманьня беларуса.
Ва Ўкраіне грамадзянін Беларусі знаходзіцца на падставе дазволу на сталае жыхарства. Пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году ён добраахвотна пачаў супрацоўнічаць з спэцслужбамі Ўкраіны, вынікам чаго стала апэрацыя на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
Расейскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах да (19 лютага 2023) і пасьля (28 лютага 2023) дывэрсіі
У Беларусі завочна асудзілі на 15 гадоў
26 лютага 2023 году на вайсковым аэарадроме ў Мачулішчах пад Менскам прагучалі два выбухі, крыніцамі якіх былі дроны. Такім чынам падарвалі і вывелі з ладу расейскі самалёт далёкай выведкі А-50.
Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазьней прызналі і правялі «антыдывэрсійную апэрацыю».
Пад «зачыстку», паводле праваабаронцаў «Вясны», трапілі сама меней 614 чалавек — тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасьля 2020 году. У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. З словаў супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманьні былі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў.
У пачатку сакавіка 2023 году КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу).
4 кастрычніка 2024 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў 12 фігурантаў справы да тэрмінаў ад двух гадоў і трох месяцаў да 25 гадоў пазбаўленьня волі. У справе праходзілі Максім Лапацін, Андрэй Сьцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандар Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Шасьцёра асуджаных на момант суду ў Беларусі не знаходзіліся.
Фігуранта цяперашняй украінскай крымінальнай справы завочна асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
У СБУ адмовіліся камэнтаваць
У сакавіку 2024 году старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк прызнаў, што пашкоджаньне расейскага самалёта ў Мачулішчах стала вынікам дывэрсійнай апэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны, у якой «хірургічна спрацавалі», пашкодзіўшы антэну. Праўда, колькі беларусаў дапамагалі СБУ ў гэтай апэрацыі, ён не сказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрацавалі хірургічна». У СБУ прызналі датычнасьць Украіны да пашкоджаньня расейскага самалёта ў МачулішчахСёлета ў жніўні Васіль Малюк у інтэрвію выданьню «Українська правда» паведаміў, што ва Ўкраіне працуе праграма абароны «таемных агентаў», якія дапамагаюць ажыцьцяўляць спэцыяльныя апэрацыі ў тыле ворага.
«Найважнейшы элемэнт — перадусім бясьпека гэтых людзей. І калі яны вяртаюццца з варожых тылоў пасьля выкананьня той ці іншай вельмі складанай апэрацыі, то найперш [трэба] запэўніць іхную бясьпеку. Таму тут, у нас, дзейнічае цэлая праграма, цэлы комплекс мераў бясьпекі. У тым ліку, пры неабходнасьці і ўзгадненьні з гэтай непасрэднай крыніцай, мы зьмяняем у рэальнасьці ім аблічча», — сказаў ён.
Згаданы беларус удзельнічаў у спэцапэрацыі ў Мачулішчах, імаверна, знаходзячыся на тэрыторыі Ўкраіны. Але ягонае імя стала вядома сьледчым з КДБ. Ці прапанавалі яму праграму абароны — невядома, бо ў СБУ адмовіліся паведаміць дэталі гэтай спэцапэрацыі і функцыі, якія ў ёй выконваў беларус.
У адказе на афіцыйны запыт Свабоды з гэтай нагоды ў Службе бясьпекі абмежаваліся толькі агульнай лічбай праведзеных з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня спэцыяльных апэрацыяў.
«За час поўнамаштабнай вайны падразьдзелы Службы бясьпекі Ўкраіны рэалізавалі вялікую колькасьць спэцапэрацыяў і пацэлілі ў больш за 200 аб’ектаў ворага ў яго глыбокім тыле. Разам з тым, СБУ інфармуе грамадзкасьць пра вынікі сваёй дзейнасьці з улікам існых абмежаваньняў на раскрыцьцё інфармацыі і такім чынам, каб не раскрываць усіх мэтадаў сваёй працы і не паддаваць небясьпецы людзей, якія бяруць удзел у апэрацыях спэцслужбы», — паведаміў сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.
Ні ў паліцыі, ні ў СБУ таксама не адказалі на пытаньне, ці могуць у выпадку прызнаньня беларуса вінаватым скасаваць ягоны дазвол на жыхарства ва Ўкраіне і дадатковую абарону.
Закон Украіны пра ўцекачоў і асобаў, якія патрабуюць дадатковай або часовай абароны прадугледжвае магчымасьць скасаваньня дадатковай абароны, калі іншаземец «займаецца дзейнасьцю, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку або здароўю чалавека».
Паводле дзейнай працэдуры, такое рашэньне ўхваляе Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны на падставе адпаведнага звароту Службы бясьпекі Ўкраіны ці іншых органаў дзяржаўнай улады.
У законе таксама пералічаныя падставы, на якіх скасоўваюць і дазвол на сталае жыхарства ва Ўкраіне. Адна зь іх — парушэньне іншаземцам законаў Украіны.
Пакуль невядома, ці будуць пры разглядзе гэтых пытаньняў улічваць дапамогу беларуса ў пашкоджаньні расейскага самалёта на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ёсьць негалоснае распараджэньне не даваць замежнікам украінскае грамадзянства? Меркаваньні беларусаў Украіны