У аэрапорце Вільні ня мог прызямліцца самалёт прэзыдэнта Літвы, магчыма, празь бесьпілётнік

Гітанас Наўседа вяртаўся зь Фінляндыі, дзе 2 верасьня быў зь візытам.

Паводле зьвестак плятформы Flightradar24, самалёт вылецеў з Хэльсынкі 2 верасьня а 19:10, прызямліўся а 21:17.

У аэрапорце Вільні пэўны час ня мог прызямліцца самалёт Spartan, на борце якога быў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, магчыма, празь бесьпілётнік.

«Пры набліжэньні да Віленскага аэрапорту прыйшла інфармацыя, што выяўлены бесьпілётнік і пасадка пакуль небясьпечная. Пілёты ўжылі ўсе захады бясьпекі і празь нейкі час выканалі пасадку», — паведаміў Томас Бяржынскас, прэсавы сакратар Гітанаса Наўседы, літоўскаму парталу 15min.

Паводле плятформы Flightradar24, самалёт вылецеў з Хэльсынкі 2 верасьня а 19:10, а прызямліўся а 21:17.

У кампаніі Oro navigacija ўдакладнілі, што паведамленьне аб дроне над раёнам Лепкальніс (Ліпоўка) атрымалі ад службы авіяцыйнай бясьпекі АТ Lietuvos oro uostai (Аэрапарты Літвы).

«Потым актывавалі працэдуры бясьпекі: палёты ненадоўга спынілі, а пасьля атрыманьня інфармацыі аб браку пагрозы рух аднавіўся. Мы разам зь іншымі службамі высьвятляем, які менавіта дрон парушыў рух самалёта», — адзначаецца ў камэнтары кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля здарэньняў з дронамі Літва перакінула бліжэй да мяжы зь Беларусьсю сродкі СПА

У канцы жніўня ў аэрапорце Вільні ўжо часова прыпынялі палёты праз дрон. Тады была інфармацыя, што дрон належаў прыватнай ахоўнай кампаніі Ekskomisarų biuras, аднак яе кіраўнік Вітаўтас Лабяцкас гэта зьняпраўдзіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над Вільняй уначы заўважылі дрон, аэрапорт на паўгадзіны спыняў усе палёты