Польскі фонд: «Беларускія дзеці прыяжджаюць у горшым псыхалягічным стане, чым украінскія»

Ілюстрацыйнае фота

Такое меркаваньне старшыні арганізацыі, якая працуе зь дзецьмі з абедзьвюх краін.

Пры пераезьдзе ў іншую краіну, з чым сутыкнуліся тысячы беларусаў, найбольш цярпяць дзеці. На думку псыхолягаў, цяжэй за ўсё даводзіцца падлеткам. І менавіта гэтай узроставай катэгорыі спрабуе перш за ўсё надаць дапамогу арганізацыя, якая дзейнічае ў Варшаве, — фонд Zachód Wschód Wsparcie («Захад Усход Падтрымка»), перадае «Польскае радыё».

Старшыня фонду Вольга Сьцяпанава адзначыла, што часта бацькі вырашаюць: падлетак — ужо дастаткова дарослы і сам можа даць рады цяжкасьцям. А якраз у падлеткавым узросьце дзецям вельмі патрэбная падтрымка, таму ў фондзе яны могуць прайсьці групавую тэрапію з псыхолягам — трэнінг сацыяльных навыкаў. Як паводзіцца ў грамадзтве, як супрацьстаяць цкаваньню, як завесьці сяброў.

Акрамя беларусаў і ўкраінцаў, у групах былі дзеці з Азэрбайджану, Грузіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Вільні да Паўночнай Караліны. Расказваем пра беларускія школы за мяжой

Пры гэтым псыхалягічны стан беларускіх дзяцей часьцей за ўсё горшы за стан украінскіх. Вольга Сьцяпанава патлумачыла, што можа быць прычынай.

«Шчыра скажу, што нашыя дзеці зь Беларусі прыяжджаюць у цяжэйшым псыхалягічным стане, чым дзеці з Украіны. І мой псыхоляг тлумачыць, чаму. Бо ўкраінскія дзеці прынамсі разумеюць, чаму яны адтуль зьехалі, у іх ідзе вайна, гэта небясьпечна для іхнага жыцьця, здароўя.

Беларускія дзеці, якія прыехалі раптоўна, сарваўшыся з сваіх месцаў, не разумеюць, чаму яны выехалі. Большасьць нашых бацькоў проста зрываюць дзяцей, не заўсёды тлумачачы, а дзеці не заўсёды разумеюць, чаму яны зьяжджаюць. Таму ў нас групы зьмяшаныя — і ўкраінскія, і беларускія, але наш псыхоляг імкнецца асобна, індывідуальна абгаварыць такія вось складаныя сытуацыі і разумее, што ва ўкраінскіх дзяцей адна сытуацыя, у беларускіх — іншая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцёкі ад таварыша маёра. Гісторыя беларускай сям’і, якая зьехала за мяжу ад дзяржаўнай ідэалёгіі ў школах

У шэрагу дзяцей назіраюцца праблемы з вывучэньнем польскай мовы. Прычына ня ў здольнасьцях, а ў матывацыі.

«Украінскія дзеці не жадаюць вучыць, бо яны думаюць, што скончыцца вайна і яны вернуцца. Беларускія дзеці не жадаюць вучыць, бо не разумеюць, навошта. Яны не разумеюць, што яны прыехалі ў гэтую краіну і павінны вывучыць польскую мову. Усё роўна гэта дапаможа, нават калі вернуцца ў Беларусь, польская мова ніколі нікому не замінала, гэта яшчэ адна дадатковая мова ў запасе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сабралі больш за 17 тысяч эўра для дзяцей палітвязьняў