«Ёсьць першыя паказаньні падазраванага. Цяпер праводзяцца далейшыя неадкладныя сьледчыя дзеяньні для высьвятленьня ўсіх абставінаў гэтага забойства», — паведаміў у ноч на 1 верасьня Ўладзімір Зяленскі з спасылкай на кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў, СБУ і генэральнага пракурора Ўкраіны.
Украінскі прэзыдэнт даручыў праваахоўным органам паінфармаваць грамадзтва аб хадзе расьсьледаваньня.
«Дзякую праваахоўнікам за апэратыўную і скаардынаваную працу. Усе абставіны гэтага жахлівага забойства павінны быць высьветленыя», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Затрыманьне падазраванага ў забойстве Андрэя Парубія
Міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка ўдакладніў, што падазраванага затрымалі ў Хмяльніцкай вобласьці.
«Злачынства старанна рыхтавалася: вывучаўся графік перамяшчэньня загінулага, пракладваўся маршрут, прадумваўся плян уцёкаў», — паведаміў ён.
Паводле міністра, сьледчыя выйшлі на падазраванага цягам 24 гадзін, а праз 36 гадзін затрымалі.
У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны заявілі, што «злачынства невыпадковае, у ім ёсьць расейскі сьлед». Затрыманаму выставілі падазрэньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — ч. 1 артыкулу 115 (наўмыснае забойства) і ч. 1 артыкулу 263 (незаконнае абыходжаньне з зброяй).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На нашых вачах пáдае Беларусь», — былы старшыня Вярхоўнай рады ЎкраіныКолішняга старшыню Вярхоўнай Рады, экс-сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, дэпутата Андрэя Парубія ў Львове застрэліў удзень 30 жніўня невядомы, які ў момант нападу быў апрануты як кур’ер адной з службаў дастаўкі.
Ён стрэліў некалькі разоў, на месцы нападу знайшлі сама меней 7 гільзаў. У выніку раненьняў Андрэй Парубій загінуў на месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове застрэлілі экс-старшыню парлямэнту Ўкраіны Андрэя Парубія. Ён уваходзіў у групу «За дэмакратычную Беларусь»