У Драгічынскім раёне пажар на балоце — гарыць заказьнік «Званец»

Фота Міністэрства лясной гаспадаркі

Увечары 28 студзеня Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі паведаміла, што гарыць балоцістая мясцовасьць на тэрыторыі рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніка «Званец» каля вёскі Ражное ў Драгічынскім раёне Берасьцейскай вобласьці.

«Тушэньне пажару ўскладненае адсутнасьцю пад’язных шляхоў і забалочанай мясцовасьцю. Пагрозы населеным пунктам няма, разам з тым, адлегласьць да дзяржаўнага ляснога фонду складае каля 2-3 кілямэтраў», — паведамілі ў ведамстве.

Міністэрства адзначыла, што гэта першы прыродны пажар у 2025 годзе.

Заказьнік «Званец» разьмешчаны на тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў Берасьцейскай вобласьці. Плошча заказьніка складае 162,27 км², ён знаходзіцца паблізу мяжы з Украінай.

Тэрыторыя заказьніка ўяўляе сабой найбуйнейшае ў Эўропе нізіннае балота мэзатрофнага тыпу са шматлікімі адкрытымі мінэральнымі «астравамі», якое разьмешчана ў практычна бясьсьцёкавым плоскім паніжэньні на водападзеле басэйнаў рэк Буга і Прыпяці. Балоты гэтага тыпу былі шырока распаўсюджаны на Беларускім Палесьсі, але большая іх частка была асушаная ў 60-х гадах. Адкрытае нізіннае балота займае каля 77% тэрыторыі заказьніка.

У 2002 г. заказьніку прысвоены статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня (Рамсарскага ўгодзьдзя). Яго міжнародная значнасьць заключаецца, у першую чаргу, у падтрыманьні месцаў пасяленьня відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глябальнага зьнікненьня: вяртлявай чарацянкі (на тэрыторыі заказьніка жыве самая буйная папуляцыя ў Эўропе), вялікага падворліка і драча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь выйшла ў рэкардсмэны па колькасьці адноўленых балотаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажары на Альманскіх балотах і Ельні патушылі. МНС папярэдзіла пра надзвычайную пажарную небясьпеку ў трох абласьцях