У Менску застаюцца без кіраўнікоў чатыры раёны — Заводзкі, Кастрычніцкі, Партызанскі і Фрунзенскі.
Кіраўнікі адміністрацый Заводзкага і Фрунзенскага раёнаў Аляксандар Дараховіч і Арцём Цуран прызначаныя намесьнікамі старшыні Менгарвыканкаму. Адміністрацыі гэтых раёнаў застаюцца «абезгалоўленымі» з 15 студзеня — 9 дзён.
Адміністрацыі Кастрычніцкага і Партызанскага раёнаў ня маюць кіраўнікоў ужо пяць дзён. Іх старшыні Анатоль Жукоўскі і Дзяніс Аўсянікаў звольненыя, як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Менгарвыканкаму, «па згодзе бакоў».
«Звальненьне было нечаканым»
Анатоль Жукоўскі быў прызначаны кіраўніком раёну ў 2009 годзе. Раней быў першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну.
«Я думаю, у нас там усё спакойна, без усялякіх наступстваў, — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з намесьнікаў кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. — Гэта быў добры кіраўнік, адпрацаваў дзевяць гадоў. Я думаю, чалавек адпачывае, усё добра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вырашылі зьнесьці 124 двухпавярховыя дамы. Палову — у Трактаразаводзкім пасёлкуДзяніс Аўсянікаў быў прызначаны кіраваць Партызанскім раёнам у 2014 годзе, раней быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі. Чыноўнік запомніўся тым, што анансаваў знос 62 дамоў у Трактаразаводзкім пасёлку.
У адміністрацыі кажуць, што яго звальненьне «было нечаканым, ня толькі для нас».
У Сьледчым камітэце паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй адносна магчымага пачатку нейкіх спраў супраць гэтых двух былых кіраўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску бясплатна атрымліваў пяльмені ў краме?Старшыня КДБ Валеры Вакульчык 20 сьнежня мінулага году сказаў, што адзін зь дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску, па сумяшчальніцтве — кіраўнік тэрытарыяльнай антыкарупцыйнай камісіі, штотыдзень у чацьвер задарма атрымліваў прадуктовыя наборы з пэўнай сеткі крамаў.
Імя гэтага кіраўніка Вакульчык не назваў.