Падзеі 10 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.
Падзея дня
Стартуе VI міжнародны фэстываль паэзіі «Вершы на асфальце»
Маштабны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» пройдзе ў Менску 10–12 лютага. Сярод замежных зорак сёлетняга фэсту — украінцы Сяргей Жадан і Марыяна Кіяноўская, расейская паэтка і сьпявачка Умка, літоўскія паэты Антанас Янінас і Данюс Гінталас, чэскі літаратар Яхім Топал. Падрабязны расклад імпрэзаў і выступаў тут http://stralcou-fest.by/, уваход вольны.
Галерэя Tut.by
Менск, пр-т Дзяржынскага, 57
Адкрыцьцё ў 18:00, уваход вольны
Афіша
Прэзэнтацыя беларускай вэрсіі кнігі па крэатыўным бізнэсе
Кніга брытанскага экспэрта ў крэатыўным бізнэсе Дэвіда Пэрыша «Цішоткі і касьцюмы: Дапаможнік па творчым бізнэсе» цяпер даступная на беларускай мове: яна выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» і будзе прэзэнтаваная 10 лютага ў Менску. Гэта зборнік практычных парадаў, гісторый посьпеху з асабістай практыкі аўтара і разнастайных бізнэс-мадэляў. Галоўная ідэя выданьня: працуючы ў творчым сэктары, вам ня трэба выбіраць паміж творчасьцю (цішотка) і бізнэсам (касьцюм), вы можаце распрацаваць сваю адметную бізнэс-стратэгію, якая будзе прыносіць прыбытак і спрыяць крэатыўнасьці.
Менск, галерэя «Ў»
Пр-т Незалежнасьці, 37А
Пачатак у 19:00, уваход вольны, але пасьля рэгістрацыі.
Сольны канцэрт Ягора Забелава
Арыгінальны сучасны баяніст і кампазытар, аўтар музыкі да шэрагу спэктакляў і фільмаў, удзельнік групаў «Серебряная свадьба» і «Нагуаль», заснавальнік Gurzuf і ўладальнік ганаровай прэміі Сяргея Курохіна ў галіне сучаснага мастацтва, Ягор Забелаў выступіць з сольным канцэртам на камэрнай сцэне Купалаўскага тэатру.
Менск, Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы
Вуліца Энгельса, 7
Пачатак у 19:00, квіткі ад 15 рублёў
Дата дня
10 лютага 1938 году быў расстраляны беларускі пісьменьнік Максім Гарэцкі.
Аўтар «Руні», «Камароўскай кронікі» і «Дзьвюх душ», слоўнікаў і кніг пра гісторыю беларускай літаратуры, трапіў пад крытыку ў савецкім друку ў 1929 годзе, быў арыштаваны 19 ліпеня 1930 году нібы за прыналежнасьць да «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 годзе быў асуджаны на ссылку на 5 год у Вятку. Ад 1935 году працаваў пад Кіравам (так стала называцца Вятка з 1934 году) школьным настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. У 1937 годзе зноў быў арыштаваны, а затым расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (гэта значыць — завочна, без пратаколу і практычна без суду).
Яму было 44 гады. Жонцы паведамілі больш як праз год, што ён памёр ад кровазьліцьця ў мозг. Рэабілітаваны ў 1957 годзе, але сапраўдныя факты пра расстрэл былі апублікаваныя толькі ў 1992-м.
Таксама ў гэты дзень
1921 — у складзе Наркамату асьветы БССР створана Навукова-тэрміналягічная камісія, каб распрацоўваць тэрміналёгію на беларускай мове.
1940 — першы этап дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі. 50 тысяч чалавек вывезьлі ў Сыбір і Казахстан.
1962 — адзін з найбольш славутых абменаў шпіёнамі паміж ЗША і СССР: зьбіты над СССР у 1961-м пілёт амэрыканскага шпіёнскага самалёта U2 Фрэнсыс Гэры Паўэрс быў абменены на савецкага шпіёна Вільяма Фішара, якога ў 1957-м амэрыканцы засудзілі былі на 30 гадоў турмы. Гісторыя лягла ў аснову сцэнароў мастацкіх фільмаў «Мёртвы сэзон» (СССР, 1968) і «Мост шпіёнаў» (ЗША, 2015).
2005 — КНДР заявіла аб стварэньні ядзернай зброі.
Нарадзіліся
1868 — Карусь Каганец, беларускі пісьменьнік, мастак, графік, скульптар і мовазнавец.
1883 — Станіслаў Булак-Балаховіч, вайсковец і палітычны дзяяч.
1890 — Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1958 году.
1898 — Бэртальд Брэхт, нямецкі пісьменьнік.
1903 — Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
1943 — Міхась Тычына, беларускі літаратуразнаўца.
У памяці
1837 — Аляксандар Пушкін, расейскі паэт і пісьменьнік.
1891 — Соф’я Кавалеўская — матэматык беларускага паходжаньня.