Некаторыя беларусы яшчэ на мінулым тыдні заўважылі праблемы з службай аплаты PayPal. У службе падтрымкі адказалі на пытаньне аб немагчымасьці праводзіць аплату і рабіць пакупкі з прывязанай карткай, піша Onliner. У службе пацьвердзілі, што праблема сапраўды зафіксаваная ў часткі карыстальнікаў зь Беларусі і яе ўжо разглядае тэхнічны аддзел.
Паводле інфармацыі службы падтрымкі, чаканы тэрмін разьвязаньня праблемы — 6 кастрычніка 2025 году. Да таго моманту карыстальнікам рэкамэндуюць часова карыстацца альтэрнатыўнымі спосабамі аплаты.
Раней аб праблемах PayPal напісаў таксама партал MyFin. Ён зьвярнуўся ў беларускія банкі, каб удакладніць пытаньне. Выявілася, што «Тэхнабанк» і «БСБ Банк» вялікіх праблемаў з сыстэмай ня маюць. У «Тэхнабанку», аднак, адзначылі, што трымальнікі картак Visa праводзяць аплаты без праблемаў, цяжкасьці мелі толькі карыстальнікі Mastercard. Таксама ў названых банках запэўнілі, што ня маюць абмежаваньняў у аплатах сваімі карткамі для сыстэмы PayPal.
PayPal — сыстэма аплаты, створаная пры юрыдычнай асобе ў Злучаных Штатах. Прататып сыстэмы стварылі яшчэ ў 1998 годзе. Яна дазваляе рабіць фінансавыя апэрацыі ў 25 валютах і працуе ў 190 краінах сьвету. У сакавіку 2022 году PayPal спыніў прыём новых кліентаў у Расеі і заявіў пра спыненьне працы ў гэтай краіне.
Форум